Жанравая разнастайнасць паэзіі Р. Барадуліна для дзяцей - Сказка "Конек-Горбунок"

У беларускай паэзіі Рыгор Барадулін - самабытная і арыгінальная індывідуальнасць па сіле мастацкага дару і па значнасці напісанага. У паэта свой голас, свае бачанне свету, свой паэтычны слоўнік. Рыгор Барадулін - "кароль метафары", найбольш яркі прадстаўнік філалагічнага пакалення. Паэзія Рыгора Барадуліна даўно набыла ўніверсальны характар. Рыгор Барадулін - народны паэт Беларусі, крытык, перакладчык, грамадскі дзеяч. Яго імя шмат што значыць у сучаснай беларускай паэзіі.

Рыгор Барадулін пісаў выдатную літаратуру для дзяцей. Дзякуючы народнаму гумару ен набывае сваю адметную індывідуальнасць у дзіцячай паэзіі. Разумна спалучаў свой жыццевы вопыт з дзіцячай непасрэднасцю, нестандартным вобразным мысленнем. У Барадуліна відавочны талент дзіцячага паэта. У яго вельмі ўдала наладжваўся кантакт з маленькімі чытачамі дзякуючы яго незвычайнай чуйнасці да жыватворных крыніц роднага слова.

Народнапаэтычныя традыцыі адлюстраваны ў аўтарскіх калыханках, забаўлянках, лічылках, дражнілках, хуткамоўках, загадках, казках-пераказках, небыліцах-перакрутках, жартоўных і гумарыстычных вершах. Многія жанры дзіцячага фальклору (лічылкі, хуткамоўкі, казкі-пераказкі) набылі ў барадулінскай інтэрпрэтацыі новае гучанне і адметнасць. Ці ж не калыханкі - першакрыніцы нашай душы?

У калыханках Р. Барадулін скарыстаў і любімага персанажа гэтага жанру - ката. Як вядома, кот па сваей прыхільнасці да хатняга жыцця-быцця самы блізкі і жаданы госць, да таго ж рытмічнае мурлыканне ката-варката супакойвае і закалыхвае дзіця. Менавіта кот, лічыцца, здольны прыносіць дзецям салодкі сон. Дарэчы, кот Мірон - пастаянны персанаж у шматлікіх барадулінскіх творах для дзяцей. Натуральным падаецца і тое, што вобраз ката найчасцей гарманізуе са старажытнымі міфічнымі вобразамі Варкоты, Сну, Дрымоты як адухоўленымі істотамі (зморанымі спадарожнікамі яны блукаюць па хатах, шукаючы прытулку) альбо проста з казачна-міфалагічнымі матывамі сну-дрымоты ("Спі, засні, // Мой кот Мірон, // Хай табе прысніцца сон") [1, с.6].

З тонкім псіхалагічным майстэрствам піша Барадулін для дзетак-малалетак забаўлянкі ("Козытка", "Хто перагаворыць Бая?" і інш.). Тут арганічна спалучаны жанры забаўлянкі і хуткамоўкі з элементамі гульні. Параўнаем з народнай "Ішоў Бай па сцяне...": - ставіцца адкрытае пытанне ў зачыне і ў канцоўцы аўтарскага твора, які мае пэўную кальцавую пабудову (у народнай жа - паўтор першага і апошняга сказу-аповеду). Дзіцяці неабходна пастаяннае самасцвярджэнне ў свеце. Непахіснае пачуцце справядлівасці, сілу закона выпрацоўваюць у дзяцей лічылкі як спецыфічны жанр дзіцячага гульнявога фальклору. Эмацыянальныя, гарэзлівыя лічылкі Р. Барадуліна, у адрозненне ад фальклорных, перш за ўсе сюжэтныя. Маленькі Цімошак губляе ў лазовым кошыку кошак ("Колькі кошак у кашы?") [1, с.184], дасціпны заяц думае "Ноч і дзень, // Як уласны // Зважыць цень" ("Колькі важыць зайцаў цень?")

Прычым часта кожны паэтычны радок - гэта новая прыгода.

Зараз прааналізуем некаторыя вершы паэта.

У вершы "Як заяц стаў даўгавухі" чытач даведваецца, чаму зайка стаў даўгавухім. Аднойчы, калі зайка спраўляў імяніны, да яго прыйшоў у госці мядзведзь і пачаў цягаць зайку за вушы. Зайку стаў і свет нямілы пасля такога шчырага віншавання. З таго часу ўся заечая радня не спраўляе імянін. Чытачу, а тым больш маленькаму, вельмі добра запомніцца такі цікавы сюжэт, бо дзеці часта задаюцца цікавымі пытаннямі, і ў тым ліку, чаму ў зайца доўгія вушы. Прачытаўшы гэты верш, маленькі чытач спасцігне свет неспазнанага.

А вось чытаем яшчэ адзін цікавы вершык пад назвай "Рыжае полымя". Рыжае полымя - такое сугучча слоў ужываецца, як перыфраза: так аўтар называе ваверку. "Полымя кіпцюрастае // З дрэва на дрэва шастае.// Фыркае, // Цокае, // Летае" [1, с.62]. Прачытаўшы першыя радкі, дарослы чытач не заўседы здагадаецца, а тым больш маленькі, пра каго будзе далей вясціся размова ў вершы. І міжволі працягваеш чытаць. І вось нарэшце чытач прыходзіць да высновы: "Полымя клічуць // Ваверкаю" [1, с.62]. Пазнаеміўшыся з гэтым маленькім, але змястоўным вершам дапытлівыя дзеткі даведаюцца, як паводзіць сябе цікавая жывела - ваверка.

У гумарыстычным вершы "Буду ўрачом" лірычнай гераіняй з'яўляецца дзяўчынка, якая вырвала грабянцу ўсе зубы, і зараз яна на поўным сур'езе заўважае, што з яе вырасце ўрачыха. Верш, на маю думку, карысны не толькі сваім гумарыстычным складам, але і тым, шо дзеці падсвядома знаемяцца з мнагазначнымі словамі, магчыма, нават не ведаючы і не задумваючыся раней пра існаванне такіх цікавых слоў, у дадзеным выпадку, слова "зубы". Так, зубы бываюць у чалавека, якія лечыць доктар, і ў грабеньчыку, якія з легкасцю змагла "павырываць" дзяўчынка: "Вырасце з мяне ўрачыха, // Бо сягоння пакрысе // Грабянцу // Я ціха-ціха // Зубы вырвала ўсе" [1, с.100].

У вершы "Ай! Не буду! Не хачу!" распавядаецца пра дзяўчынку Лану, якая на ўсе просьбы адказвае трыма словамі - Ай! Не буду! Не хачу! Не хоча Лана ні ўставаць, ні мыць посуд, ні ў садку палюляць ляльку, ні палюляць вярблюда. Вынік відавочны: ніхто з такой дзяўчынкай сябраваць не будзе. І таму яе не прынялі ў садок: "Хай капрызныя сястрычкі // Кепскія забудуць звычкі // I тады ідуць у сад, // А пакуль -- вядзі назад!" [1, с.133]. Верш вельмі павучальны. Дзеці, чытаючы яго, разумеюць, што такія тры сястрычкі адмоўна ўплываюць на Лану, таму мець гэткіх сястрычак вельмі дрэнна. І калі ў каго з маленькіх чытачоў есць такія адмоўныя маральныя якасці, ен вучыцца, што ад іх трэба пазбаўляцца, таму што ў іншым выпадку з табой ніхто не будзе сябраваць.

Чытаю сучасны верш паэта пра сусветнае павуцінне. Сусветны павук распаўсюджваецца па ўсім зямным шары, абвівае яго. Ен робіць зручным наша жыцце: "Ні пяра не трэба, ні паперы // Сябру ліст прыслаць. Нячутна ў дзверы" [2]. Напрыканцы верша аўтар дае параду дзецям, ды, я думаю, гэта парада падыдзе не толькі дзецям: "Слухай інтэрнэт, чытай, пішы - // Але і сам мазгамі варушы! " [2] Інтэрнэт - рэч, канечне, добрая, калі ею карыстацца ў меру. Усе дае дрэнныя вынікі, калі становіцца бязмерным: і агонь, і вада, ... і інтэрнэт таксама. Не трэба ні ў якім разе ад яго быць залежным. І бацькі, прачытаўшы гэты верш, будуць уважлівей ставіцца да сваіх дзяцей, наглядаць за "наведваннем" сваімі любімцамі сусветнага павуціння.

Рыгор Барадулін тонка адчувае, якая тэматыка вершаў блізкая для дзяцей, адчувае псіхалогію дзіцяці і таму ведае, якія сюжэты будуць найбольш цікавыя для дзіцячай аўдыторыі. Таму яму вельмі ўдаецца ствараць дзіцячыя творы.

Похожие статьи




Жанравая разнастайнасць паэзіі Р. Барадуліна для дзяцей - Сказка "Конек-Горбунок"

Предыдущая | Следующая