Гуманістычны пафас апавяданняў Змітрака Бядулі - Сказка "Конек-Горбунок"

Змітрок Бядуля адносіцца да ліку пісьменнікаў, якія закладвалі падмурак беларускай літаратуры. Тэматыка твораў З. Бядулі ўсеабдымная, універсальная. Яго цікавяць і чалавек у яго адвечным шляху ад нараджэння да смерці, і ягоныя думкі, і настроі, дзівосны, непаўторны свет прыроды. Усе гэта, спалучанае з глыбокім веданнем жыцця, філасофскім светапоглядам і вялікай любоўю да людзей, і надае творам пісьменніка прыцягальнасць, эстэтычную выверанасць, актуальнасць і папулярнасць.

Пазаічая творчасць пісьменніка вядома некалькім пакаленням беларусаў. Многія з апавяданняў ("Пяць лыжак заціркі", "Малыя дрывасекі", "Велікодныя яйкі", "На каляды к сыну", "Летапісцы"), напісаных пераважна ў дарэвалюцыйны перыяд (1912 - 1915), сталі сапраўднай класікай беларускай літаратуры. Большасць з іх мае драматычны сюжэт з трагічным фіналам. Але менавіта тут, на думку М. Багдановіча, праявіўся і гуманістычны бок таленту празаіка: "Са змрочным гумарам малюе ен невяселае беларускае жыцце і імкнецца пайсці ад яго ў фантастычны, казачны свет".

У тэматычным плане ў апавяданняхх для дзяцей З. Бядулі выразна прасочваюцца два кірункі: 1) тэма загубленага дзяцінства ("малыя дрывасекі", "Тулягі", "Пяць лыжак заціркі", якія трапна названы літаратурным крытыкам М. Д. Смолкіным "цыклам галодных навел"), дзе адчуваецца пратэст пісьменніка-гуманіста супраць бязрадаснага дзяцінства і сацыяльна-грамадскіх умоў, якія пазбаўляюць дзяцей шчасця; 2) творы, у якіх З. Бядуля імкнецца пранікнуць ва ўнутраны свет маленькага чалавека, раскрыць яго псіхалогію, паказаць яго здольнасці і таленты ("Велікодныя яйкі", "Летапісцы", "Юлька", "Дзе канец свету?", "Малітва маладога Габрусіка").

Тэма цяжкага сялянскага жыцця прадаўжаецца і ў хрэстаматыйных апавяданнях "Пяць лыжак заціркі", "Малыя дрывасекі", "Летапісцы", "Велікодныя яйкі". Гэтыя рэалістычныя творы, на думку I. Навуменкі, -- дыяменты, залатыя зярняты.., якія могуць упрыгожыць самую развітую літаратуру". Героі іх пастаўлены ў выключныя, трагічныя абставіны, з якіх практычна няма выйсця, няма надзеі на прасвет у будучым (гінуць у снежнай завірусе малыя, галодныя дрывасекі Цішка і Халімон; з-за адсутнасці фарбы маленькі Сцяпанка малюе партрэт забітага на вайне бацькі ўласнай крывею).

Гэтамі апавяданнямі, паказваючы цемную і забітую веску з яе жыхарамі, пісьменнік пратэстуе супраць існуючага ладу, калі дзеці пазбаўлены сапраўднага дзяцінства. Пачуцці шкадавання, жалю і спагады выклікаюць героі твораў.

У апавяданні З. Бядулі "Велікодныя яйкі" выразна прасочваецца адна з галоўных вартасцяў яго твораў для дзяцей: перадача хараства, прыгажосці і незвычайнасці ўнутранага свету сваіх герояў. З вялікім майстэрствам і дакладнасцю перадае пісьменнік дзіцячую псіхалогію ў апавяданнях "Летапісцы" і "Юлька". У першым выпадку праз вобраз васьмігадовага Андрэйкі, які з ахвотай згаджаецца ноччу, калі ўсе будуць спаць, напісаць пад дзедаву дыктоўку пісьмо ў Амерыку, а у другім - увага пісьменніка скіравана на зусім яшчэ маленькую (дзесяцімесячную) дзяўчынку. Аўтар паказвае, як паступова адбываецца знаемства Юлькі з навакольным светам, які спачатку канцэнтруецца толькі ў асобе маці. У гэтым творы ў адрозненне ад іншых апавяданняў паказаны надзвычай гарманічныя адносіны ў сям'і, дзе нараджэнне дзіцяці - гэта не толькі цяжкасці і выпрабаванні, а ў першую чаргу - радасць і любоў.

Дзейнасць Зм. Бядулі ў галіне дзіцячай літаратуры паўней раскрыла магчымасці яго вялікага таленту. У сваіх творах пісьменнік закранае пытанні, якія хвалююць маленькага сучаснага чытача і дапамагаюць яму разабрацца ў жыццевых праблемах, бо ва ўс часы на розных этапах гісторыі заўседы будуць актуальнымі творы, што праводзяць ідэі гуманізму, дабра і справядлівасці. Такімі ідэямі напоўнены творы Змітрака Бядулі, напісаныя ў розныя перыяды яго літаратурнай дзейнасці.

Похожие статьи




Гуманістычны пафас апавяданняў Змітрака Бядулі - Сказка "Конек-Горбунок"

Предыдущая | Следующая